Беларускае аб'яднанне ў Швейцарыі Rotating Header Image

Дзяды ў простым сэнсе слова

«Дзяды» — славянскі народны памінальны абрад, рытуальная вячэра ў памяць памерлых продкаў, якая паходзіць з дахрысціянскага балта-славянскага звычаю трызны. «Дзядамі» таксама называлі дзень, калі адбываўся абрад, і ў сутнасці душы нябожчыкаў, якіх ушаноўвалі. Нягледзячы на ​​тое, што ў найбольш архаічнай форме гэты абрад застаўся толькі ў беларусаў, «адзначаюць» гэты дзень — сярод нямногіх еўрапейскіх краін — і ў Швейцарыі. Тут ён называецца «Дзень усіх святых» (Allerheiligen).

Нам, членам і сябрам Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі, можна сказаць, «пашанцавала» ўдвая: рэдкі выпадак міжнароднага супадзення такіх спецыфічных звычаяў. І хоць з «архаічнасцю» мы пакуль вырашылі пачакаць, але не правесці мерапрыемства, прымеркаванага да Дзядоў, было б проста недаравальна.

Таму ў суботу, 2 лістапада 2013 г. мы, зацікаўленыя «швейцарскія беларусы» і «беларускія швейцарцы», невялікім, але якасным складам прыбылі ў маленькую вёсачку Бургійон, што пад Фрыбурам ў аднайменным кантоне, каб ускласці кветкі на магілу нашай знакамітай зямлячкі, мецэнаткі і актыўнай змагаркі за беларускую ідэнтычнасць Марыі Магдалены Радзівіл, пахаванай на могілках мясцовай царквы (Eglise de Bourguillon) пры жаночым кляштары Нотр-Дам-дзю-Кармэль (Notre-Dame du Carmel), дзе яна правяла апошнія 13 гадоў свайго жыцця.

Сястра Кіяра Франчэска гасцінна сустрэла нас на парозе цэркаўкі, у некалькіх словах распавяла пра асаблівасці іхняй абшчыны, расшыфравала сюжэты на выдатных, майстэрскіх вітражах, і патлумачыла прычыну наяўнасці велізарнай колькасці падзячных мемарыяльных дошак на сценах ля галоўнага ўваходу… Зрэшты, гэта ўжо тэма для асобнага артыкула.

Сястра ўжо было запрасіла нас да выхаду, каб паказаць цікавую для нас магілу, як раптам твар яе азарыўся: «Паслухайце… Вы ж славяне!» Няўцямна, але згаджаючыся, мы заківалі. «Значыць, вы ўсе добра спяваеце!» З разуменнем, але не вельмі згаджаючыся, мы паціснулі плячыма. «А праспявайце што-небудзь! Ну калі ласка!». Мы, вядома, для прыстойнасці падзівіліся, а ці варта наогул — тым больш што асабліва таленавітых спевакоў сярод нас, на жаль, не было, — але «Купалінку» ад «а» да «я» мы ў рэшце рэшт усё-такі змаглі «арганізаваць» — на радасць сястры Кіяры Франчэсцы, трох-чатырох прыхаджан — і нават нас саміх. Вельмі дапамагла расслабляючая атмасфера царквы і магутная акустыка памяшкання…

Магіла Марыі Магдалены Радзівіл (разам з ёй была пазней пахавана і яе дачка Марыя Людвіка) знаходзіцца, можна сказаць, непасрэдна ззаду алтара, знадворку ў сцен царквы. Ніякай пампезнасці, адна сціплая гранітная пліта з імёнамі і датамі — поўная адсутнасць адлюстравання таго, што гэта выдатная жанчына зрабіла для свайго краю і народа за гады свайго жыцця, поўнага нястомнага запалу, ідэйнага натхнення і практычна неабмежаваных фінансавых магчымасцяў. Падчас рыхтоўкі свайго распаведа пра Марыю Магдалену мне ўвесь час даводзілася сутыкацца з дылемай расстаноўкі прыярытэтаў: ці ўключыць у «прамову» апісанне яе чарговага дабрачынна-культурнага ўчынку, ці ўсё ж паспрабаваць укласціся ў зададзены прамежак часу. Вядома, маё «выступленне» трохі зацягнуся…

Дзякуючы таму, што магіла была далёка не ў занядбаным стане, асабліва прыбірацца там не прыйшлося. Усклаўшы кветкі і прамовіўшы адпаведныя фразы, мы заўважылі, што ў старонцы неяк нерашуча пераступае з нагі на нагу шлюбная пара вельмі шаноўнага ўзросту. На ўсялякі выпадак мы пацікавіліся, да якой магілы яны хацелі б прайсці і ці не перашкаджаем мы ім. І якое ж было наша здзіўленне, калі мы даведаліся, што мы вельмі нават «перашкаджаем» — і ў той жа час радуем… Разам з жонкай перад намі стаяў ніхто іншы як мсье дэ Борбон, праўнук Марыі Магдалены і ўнук Марыі Людвікі! Мы не маглі паверыць сваім вачам і вушам! Такіх супадзенняў проста не бывае!

Аказалася, што нягледзячы на ​​свой узрост і адпаведны яму стан здароўя мьсе дэ Борбон кожны год на «Дзяды» (для яго гэта Allerheilgen) прыязджае на магілу сваёй прабабулі, каб ушанаваць яе памяць. Ні па-беларуску, ні па-руску ён, на жаль, не размаўляе, але затое ведае сем іншых моў, так што шанцаў для неразумення проста не заставалася. Усхваляваныя нечаканым, неверагодным супадзеннем, мы дамовіліся аб прыватнай сустрэчы ў найбліжэйшым будучым, у нязмушанай і добразычлівай абстаноўцы, каб пагутарыць пра продкаў мьсе дэ Борбона — і, канешне, пра яго самога, — і сардэчна развіталіся.

А пасля, падчас абеду, мы раз-пораз казалі адзін аднаму: «Ну трэба ж, з сапраўднымі жывымі Дзядамі пабачыліся!».

(Пераклад — Наталля Адзінцова)

Каментыраваць

Ваш адрэс электроннай пошты не будзе апублікован. Паля, абавязковыя для запаўнення, адзначаны зорачкай.

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.

  • Беларуская мова
  • Русский
  • Deutsch