Беларускае аб'яднанне ў Швейцарыі Rotating Header Image

Ніхто не пакладзе кветкі на магілу…

Беларускія навукоўцы сабралі нямала матэрыялаў пра Марыю Магдалену Радзівіл. Дарэчы, ад нараджэння яна звалася вось так: Марыя Ева Магдалена-Іосіф Эльжбета Апалонія Катажына Завіша. Аднак аповеды заканчваюцца звесткамі, што пасля рэвалюцый яна жыла ў Польшчы, Літве і Германіі, а ў 1932 годзе пераехала ў Швейцарыю. Ёсць звесткі, што княгіня паступіла ў кляштар сясцёр-дамініканак, дзе і памерла ў 1945-м.

Марыя Магдалена Радзівіл (Завіша)

Аўтар аднаго з артыкулаў выказаўся: ніхто, маўляў, сёння не пакладзе кветкі на магілу княгіні. Ды аўтару гэтых радкоў удалося здзейсніць такое ўшанаванне — ускласці рамонкі ля надмагілля княгіні. Гэта ўдасца і вам, калі ў Швейцарыі наведаеце гарадок Фрыбур, кіламетраў за 40 ад Берна. На нямецкай мове горад называецца Фрайбургам («свабодным»). І каб не блытаць яго з нямецкім Фрайбургам, нядаўна афіцыйна рашылі называць яго Фрыбурам. Па тых вулках і хадзіла наша славутая суайчынніца.

Лонданскі даследчык айцец Аляксандр Надсан у кніжцы «Княгіня Радзівіл і справа адраджэння Уніі ў Беларусі» (Мінск, 2006) піша, што «рэштку свайго жыцця» мецэнатка правяла ў кляштары сясцёр-дамініканак. Аднак у Фрыбуры Магдалена Радзівіл не ўступіла ў кляштар, а толькі апынулася пад апекай дамініканак у доме для пажылых людзей «Foyer Ste Elizabeth». Паколькі ж была каталічкай і паходзіла з вядомага ў Еўропе роду, ёй там, відаць, не давялося пераадольваць вялікія перашкоды.

Чаму якраз у Фрыбуры аказалася княгіня? І чаму пасялілася менавіта ў доме нумар 4 па вуліцы du Botzet, які вы бачыце на здымку ніжэй? Хутчэй за ўсё, калі ў Германіі пачаў развівацца фашызм, гэты адрас ёй нехта параіў, магчыма, дачка ад першага шлюбу Марыя Людвіка, якая ў 1932-м пражывала непадалёк, у Францыі.

Rue du Botzet 4, Fribourg

Месца пахавання Магдалены Радзівіл і яе дачкі я знайшоў — ля каталіцкага касцёла ў Бургійоне — дзякуючы дапамозе ксяндза Людовіка Нобеля. Першая і апошняя дачка Магдалены ад першага шлюбу памерла ў Канах і была перавезена ў Бургійон, каб знайсці апошні прытулак разам з маці. У надмагільным надпісе згадваюцца гады жыцця княгіні (1861-1945) і яе дачкі (1883-1958). Запіс №145, знойдзены ў касцёльнай кнізе за 1944/5 гады, пацвярджае: Магдалена Радзівіл памерла ў доме-прытулку. Вось тэкст: «Сёння, 9 студзеня, на могілках Бургійона была пахавана княгіня Радзівіл Марыя Магдалена з Варшавы. Памерла ў Фрыбуры ў «Foyer Ste Elisabeth», бульвар Пероль, 6 студзеня. Я пацвярджаю гэта, Алойс Комтэ (святар)». Дарэчы, бульвар Пероль (Boulevard de Perolles) — гэта вуліца побач з домам-прытулкам, які стаіць пры скрыжаванні. Відаць, раней дом меў такі адрас.

Удалося знайсці і запіс аб памерлай дачцэ Марыі Магдалены ад 1958 года: «Princesse Adam Czartoryski née Comtesse Maria Ludwika Krasińska. 23.01. — памерла ў Францыі ў Канах. 31.01. — пахавана. Бацька — Луіс Людвіг Красінскі, маці — Магдалена Завіскі» (прыводзіцца як у царкоўнай кнізе). Знойдзены і некралог, надрукаваны, напэўна, у 1958 годзе і прысвечаны дачцэ Магдалены — прынцэсе па Адаму Чартарыскім. У ім гаворыцца: «Мы даведаліся аб смерці 23 студзеня ў Канах княгіні Адам Чартарыскі, народжанай Марыі-Луізы Корвін-Красінскай. Памерлая паходзіць з аднаго з самых знакамітых радоў Польшчы. Святар Рамуз блаславіў некалькі гадоў таму шлюб аднаго з яе сыноў, князя Аўгуста Чартарыскага, з дачкой караля Іспаніі. Памерлая, якая была вельмі высакароднай асобай, шмат гадоў жыла ў Фрыбуры на віле Гарсія».

Вядома ж, узнікае пытанне: можа, маці з дачкой разам і жылі ў Фрыбуры, тым болей што будынкі знаходзяцца зусім недалёка адзін ад аднаго? А, можа, дачка Марыі Магдалены перабралася ў Фрыбур пасля яе смерці, каб глядзець за магілай? Не ўдалося высветліць, чаму на пліце напісана, што Магдалена Радзівіл — з Варшавы. Можа, паўплывала на тое сувязь яе з польскай эміграцыяй, бо якраз у Фрыбуры вялікая польская суполка.

Магіла Марыі Магдалены Радзівіл

Шукаючы адказ на гэтае і іншыя пытанні, мне ўдалося выйсці на след аднаго з нашчадкаў княгіні, які жыве ў Цюрыху. Гэта яе прапраўнук Францішак Філіп Марыя прынц Бурбон Абедзвюх Сіцылій, які нарадзіўся ў 1960 годзе ў нямецкім Равенсбургу. Магчыма, з часам праз яго ці іншых нашчадкаў княгіні ўдасца аднавіць малавядомыя старонкі высакароднага жыцця жанчыны, якая шмат дабра зрабіла для беларускай справы. У прыватнасці, і зборнік «Вянок» Максіма Багдановіча пабачыў свет дзякуючы яе фінансавай падтрымцы.

(2011 г., Андрэй Кулажанка
Часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Швейцарыі
Фота: Вікіпедыя; Magda Ghali; BelSwiss)

P.S. Ад рэдакцыі: вялікая (!) калекцыя матэрыялаў пра Марыю Магдалену Радзівіл адным файлам (публікуецца з дазволу Васіля Лычкоўскага, складальніка гэтага зборніка і каардынатара праектаў «Выток Нёмана — выток духоўнасці» і «Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА»):

PDF

Марыя Магдалена Радзівіл

Загрузіць PDF 32 MB загружана: 233

Каментыраваць

Ваш адрэс электроннай пошты не будзе апублікован. Паля, абавязковыя для запаўнення, адзначаны зорачкай.

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.

  • Беларуская мова
  • Русский
  • Deutsch