У гэты дзень заўсёды свеціць сонца. Кожны год, калі мы ў лістападзе на свята «Дзяды» традыцыйна збіраемся каля магілы Марыі Магдалены Радзівіл-Завішы, пахаванай на невядомых могілках у наваколлі швейцарскага Фрыбура, і ціхенька ўспамінаем пра яе насычанае падзеямі і ўдзячнымі людзьмі жыццё, свеціць сонца… Як быццам сама яна сёння, у суботу, 7 лістапада 2015 года, глядзіць з нябёс на нас, старых і новых сяброў Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі, на ганаровых гасцей з Культурнага цэнтру Беларусі ва Францыі, на тых, хто ўпершыню прымае ўдзел у адным з нашых мерапрыемстваў, і на тых, хто стараецца не прапусціць ні адной магчымасці ўбачыцца з суайчыннікамі.
І няважна, у першы ці ў чарговы раз ты чуеш пад лёгкі шорах рознакаляровай асенняй лістоты пра беларускамоўную спадчыну Марыі Магдалены, пра школы, інтэрнаты і касцёлы, пабудаваныя на яе грошы, пра кнігі, убачыўшыя свет дзякуючы яе падтрымцы, пра нашых землякоў, якія з яе дапамогай змаглі атрымаць адукацыю і прысвяціць сябе справе служэння роднай зямлі — ніколі не стамляешся здзіўляцца глыбіні душы і непахіснаму духу гэтай яскравай жанчыны, чый жыццёвы шлях завяршыўся ў швейцарскім дамініканскім кляштары, але ж сэрца назаўсёды засталося ў родным краі, на Беларусі.
І вось кароткі дзень ужо на зыходзе; шмат афіцыйнага, прыватнага, адцягненага і агульначалавечага абмеркавана пад няхітрую ежу падчас сумеснага абеду, і мы шпацыруем па крывым вулачкам старога Фрыбура ў праменях заходзячага сонца, — і зноў такое ўражанне, як быццам некалькі гадзін таму праз гэтыя прамені сама яна, Марыя, наглядала зверху, як мы ўскладаем кветкі на яе магілу, і лістотай разам з намі шаптала малітву за спачын тых, каго ўжо няма на гэтым свеце.
Нічога ніколі не праходзіць бясследна — заўсёды застаецца тое, што зроблена — і, зразумела, памяць. І мы, усе мы нясем адказнасць за захаванне гэтай памяці і прымнажэнне зробленага.
(Падрабязней пра Марыю Магдалену Радзівіл — у артыкулу А. Кулажанкі «Ніхто не пакладзе кветкі на магілу».)