Беларускае аб'яднанне ў Швейцарыі Rotating Header Image

Славянскае свята сонца і кахання

Бадай, не памылюся, калі скажу, што з усіх старажытных святаў у сучасных беларусаў Купалле — самае вядомае і любімае. Яно — магічнае, таямнічае і гэтым неверагодна прыцягальнае. У самую кароткую ноч яднаюцца агонь з вадою, зёлкі набываюць лекавыя здольнасці і квітнее папараць. Гэта час варажбы, час прызнанняў у каханні, час ачышчэння, час, калі прырода прыадкрывае свае таямніцы і надзяляе чалавека часцінкай сваёй моцы.

Купалле — добрая нагода асэнсаваць сябе як частку доўгага шэрагу пакаленняў, праз стагоддзі кінуць позірк на нашых продкаў. А для таго, хто жыве не на Радзіме, такія магчымасці набываюць яшчэ большую каштоўнасць. Таму Асацыяцыя беларусаў у Швейцарыі вось ужо трэці раз адзначае Свята сонца і кахання.

Сёлета святкаванне праходзіла 25 чэрвеня 2016 года на беразе ракі Аарэ (Aare) каля Муры пад Бернам (Muri bei Bern). Праграму «Аўтэнтычнае Купалле» падрыхтавала і правяла арт-група «Папараць-кветка», адмыслова запрошаная з Беларусі.

Парадаваў шматнацыянальны склад гасцей: сярод больш за 50 удзельнікаў былі беларусы, рускія, украінцы, латышы, немцы, швейцарцы, італьянцы і нават адзін «напалову бэльгіец».

Але ж болей за ўсё парадавала атмасфера! Як жа цёпла, прыязна, весела і душэўна было! Усе — і малыя, і дарослыя — з цікавасцю прымалі ўдзел у гульнях і танцах, плялі вяночкі і пускалі іх па рацэ, вадзілі карагоды і спявалі, а некаторыя нават плавалі ў імклівай Аары. Мы спалілі ў вогнішчы свае турботы і клопаты, а праз скокі праз вагонь самі ачысціліся ад сваіх кепскіх думак, увабралі ў сябе добрую энэргію. Але ж і высока даводзілася скакаць! Гэта быў сапраўдны выклік! Асабліва для тых, хто рабіў гэта ўпершыню…

І быў сапраўдны абмен. І імпэт. Таму вярнуліся мы дахаты напоўненыя, нейкія «новыя».

Ад усёй душы дзякуем тым, хто спрычыніўся да гэтай падзеі. Яе незабыўнай зрабілі менавіта вы!

Да новых сустрэчаў!

(Фота: Сяргей Сіроткін, Аляксандр Крук)

Каментыраваць

Ваш адрэс электроннай пошты не будзе апублікован. Паля, абавязковыя для запаўнення, адзначаны зорачкай.

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.

  • Беларуская мова
  • Русский
  • Deutsch