Беларускае аб'яднанне ў Швейцарыі Rotating Header Image

Шматгалоссе над ракой

«Купалінка-купалінка,
Цёмная ночка….»

Пранікнёна ільецца над ракой міжнацыянальнае шматгалоссе. Беларусы, украінцы, рускія ды латышы спяваюць разам беларускую песню, прысвечаную самаму загадкаваму святу ўсходніх славян — ночы на Івана Купала. Яго святкаванне па ініцыятыве і пры арганізацыі Беларускага Аб’яднання ў Швейцарыі прайшло у суботу, 25 чэрвеня, на беразе ракі Аарэ, пад Бернам.

Па небе плывуць хмары, сонца павольна сядае, хутка бяжыць высокая з-за моцных дажджоў рака. А на беразе весялосць у самым разгары: спевы, карагоды, пляценне вянкоў, гульні, частаванне традыцыйнымі беларускімі ласункамі, шашлык — і гэта не поўны пералік забавак, якія сёння чакаюць гасцей.

З Беларусі прыехала арт-група «Папараць-кветка» са спецыяльнай праграмай да Купалля. Аўтэнтычныя строі, танцы і музыка, якая выконваецца на самабытнай беларускай дудзе, надаюць усяму непаўторны каларыт і захапляюць дзяцей ды дарослых у карагоды вакол вогнішча, старадаўнія гульні і пошук папараць-кветкі, якая квітнее толькі раз на год — у купальскую ноч.

Паўсюль усміхаюцца ўдзельнікі свята, сярод якіх нашчадкі старажытных славян, якія жывуць па-за межамі сваёй гістарычнай Радзімы, а таксама іх сябры і госці са Швейцарыі, Германіі, Францыі ды Італіі.

Італьянец Бруна: «Іншая культура — гэта іншая прыгажосць. Гэта так выдатна, клапаціцца пра культуру!»

Швейцарац Хансрудзі здзіўлены, што людзі такія разняволеныя і ініцыятыўныя зусім без узняцця настрою гарэлкай, што стала, на жаль, адным з галоўных стэрэатыпаў. На свяце амаль не бачна алкаголя, трохі чырвонага віна і беларускі квас.

Аляксандр з Расіі прыехаў у Швейцарыю да сваёй каханай. Ён у захапленні ад строяў і узнаўлення старадаўняй атмасферы свята, бо сам захоплены такім маладым відам спорта, як гістарычныя сярэднявечныя баі і спрабуе сябе ў нацыянальнай швейцарскай барацьбе — швінген.

Прысутнічаюць на свяце і афіцыйныя госці.

Часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі Павал Генадзевіч Мацукевіч шчыра рады таму, што, нягледзячы на сваю пакуль невялікую колькасць, Аб’яднанню атрымалася арганізаваць такое выдатнае свята з удзелам больш за 60 чалавек, і ганарыцца тым, што беларусам атрымалася максімальна захаваць старажытнаславянскія купальскія традыцыі.

Сталы прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Амбразевіч Юры Георгіевіч, акунуўшыся ў атмасферу бернскага Купалля, з задавальненнем успамінае свае дзіцячыя ўражанні ад беларускага свята.

Абсалютна шматнацыянальны сход, спляценне розных моў і культур. Менавіта ў гэтым яднанні, праз цікавасць да гісторыі, любоў і павагу да сваіх каранёў і перадачы іх юным пакаленням нашчадкаў славянскіх народаў, Аб’яднанне бачыць сэнс сваёй дзейнасці, падкрэсліваючы сваю непалітычную і нерэлігійную аснову. Гэта наглядна дэманструе чырвона-белы сцяг Аб’яднання, з колерамі швейцарскага сцяга, у цэнтры якога васілёк — знак Беларусі.

«Купалінка-купалінка,
Цёмная ночка….»

(Фота: Сяргей Сіроткін, Аляксандр Крук)

Каментыраваць

Ваш адрэс электроннай пошты не будзе апублікован. Паля, абавязковыя для запаўнення, адзначаны зорачкай.

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.

  • Беларуская мова
  • Русский
  • Deutsch