Вось ужо 23 раз у першую нядзелю верасня адзначаецца дзяржаўнае свята — Дзень беларускага пісьменства. Гэта дзень, калі мы аддаем даніну павагі працы нашых асветнікаў на ніве беларускага друкаванага слова, якое адным з першых з’явілася у славянскім свеце. Традыцыйна святкаванне ладзіцца ў гарадах — даўніх цэнтрах асветы і культуры.
Але ж не толькі ў Беларусі адзначаюць гэта свята. 3 верасня Асацыяцыя беларусаў у Швейцарыі сумесна з Амбасадай Рэспублікі Беларусь арганізавала на базе Амбасады дыктоўку па беларускай мове.
Чаму быў вызначаны такі, здаецца, строгі фармат для святкавання? Дыктоўка — гэта спосаб адчуць і «памацаць» мову, прапусціць яе праз сябе, быццам бы стварыць тэкст наноў. А абраны для дыктоўкі верш Рыгора Барадуліна «Чалавек не ўзнікае так» нібыта пракладае мосцік да нечага вельмі блізкага і свайго, нясе ў сабе мудрасць і цеплыню.
Дзень беларускага пісьменства — добрая нагода для нас, беларусаў, якія жывуць за мяжой, падтрымаць нашую еднасць, адчуць, што мы разам, зрабіць яшчэ адзін маленькі крок у захаванні нашай культуры.