Беларускае аб'яднанне ў Швейцарыі Rotating Header Image

Мы выбіраем мовы. Мовы выбіраюць нас

Па запрашэнні «Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі» ў Цюрыху з дакладам «Экскурсія па моўным ландшафце Беларусі» выступіла перакладчыца мастацкай літаратуры Ірына Герасімовіч, дзякуючы якой выйшлі па-беларуску кнігі вядомых швейцарскіх аўтараў, такіх як Лукас Бэрфус, Брыгіта Шэр, Ёнас Люшэр, Франц Холер, Ільма Ракуза, Нора Гомрынгер.

Галоўным лейтматывам дакладу стала цытата з залатурнскай прамовы Лукаса Бэрфуса «Большую частку мовы мы маем ад памерлых». Ад якіх жа памерлых мы маем нашыя мовы сёння?

Адказваючы на гэтае пытанне, Ірына Герасімовіч звярнулася да знакавых падзей і асобаў нашай гісторыі, якія і сёння ўплываюць на моўную сітуацыю ў Беларусі. Дзве дзяржаўныя мовы, трасянка, тры правапісы беларускай мовы і мноства дыялектаў і гаворак – як адчуваюць сябе носьбіты мовы ў такой разнастайнасці, якія эмоцыі выклікае тая ці іншая мова, мы нараджаемся з роднай мовай або выбіраем яе?

Разважаючы пра ўсё гэта, Ірына Герасімовіч абрала суб’ектыўны ракурс, апісаўшы свой моўны досвед ад дзяцінства (калі яна выхоўвалася на адным з дыялектаў, якога ў падлеткавым узросце саромелася) да сённяшняга часу, калі ў сваёй перакладчыцкай працы спадарыня Ірына на той самы дыялект абапіраецца.

Цікавая акалічнасць у тым, што большасць гасцей складалі швейцарцы. У краіне з чатырма дзяржаўнымі мовамі і мноствам розных дыялектаў даволі чула ставяцца да моўнага пытання і праяўляюць цікавасць да іншых няпростых моўных сітуацый.

Сустрэча завяршылася жывым абмеркаваннем. Слухачоў цікавілі розныя рэчы: ад таго, як будзе развівацца моўная сітуацыя ў Беларусі, да магчымасцяў вывучэння беларускай мовы ў Швейцарыі.

«Асацыяцыя беларусаў у Швейцарыі» спадзяецца і далей знаёміць зацікаўленую публіку з праявамі сучаснай і гістарычнай Беларусі, рабіць прысутнасць Беларусі ў агульнай еўрапейскай прасторы больш выразнай.

Каментыраваць

Ваш адрэс электроннай пошты не будзе апублікован. Паля, абавязковыя для запаўнення, адзначаны зорачкай.

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.

  • Беларуская мова
  • Русский
  • Deutsch