Беларускае аб'яднанне ў Швейцарыі Rotating Header Image

Рашэнні Агульнага сходу Асацыяцыі

14 студзеня 2017 ў Берне адбылася важная падзея — Агульны сход Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі. Гэта вышэйшы орган арганізацыі, які выбірае яе Праўленне і вырашае самыя значныя пытанні дзейнасці. Сур’ёзнае і прадуктыўнае паседжанне завяршылася прыемным адпачынкам — святкаваннем Старога Новага году ў цёплай кампаніі.

На Агульным сходзе была прадстаўлена справаздача аб дзейнасці арганізацыі за мінулы год, прынятыя некаторыя новыя сябры, прадстаўлены вынікі аудыту, зацверджаны бюджэт і план мерапрыемстваў на 2017 год, а таксама зробленыя некаторыя змены ў Статуце арганізацыі.

Сярод важных зменаў у Статуце варта адзначыць змену назвы арганізацыі. Трэба сказаць, што пытанне карэктнасці нямецкай назвы паўстала даволі даўно. Для гэтага былі такія падставы: слова Assoziation звычайна не ўжываецца ў назвах швейцарскіх грамадскіх арганізацый, а таксама з’яўляецца даволі цяжкім для вымаўлення; у слове WeissrussInnen ўжываецца неафіцыйная нямецкамоўная назва краіны (павінна быць Belarus), а таксама «паліткарэктны» суфікс Innen, які часта разумеюць няправільна, і інш.

У выніку галасавання былі зацверджаныя наступныя варыянты назвы арганізацыі:

  • Belarussische Vereinigung in der Schweiz
  • Беларускае аб’яднанне ў Швейцарыі
  • Белорусское объединение в Швейцарии
  • Belarusian Association in Switzerland

Акрамя таго, гэты Агульны сход быў выбарным. Прысутныя адзінагалосна прагаласавалі за зацвярджэнне наступнага складу Праўлення: Алесь Сапега, Сяргей Сіроткін, Алесь Вашкевіч і Вольга Крук. Прэзідэнтам быў абраны Сяргей Сіроткін, які змяніў на гэтай пасадзе Алеся Сапегу.

Падводзячы вынікі і ўступаючы ў новы 2017 год, Праўленне Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі хоча выразіць шчырую падзяку Алесю Сапезе за добрасумленнае выкананне абавязкаў Прэзідэнта на працягу амаль што пяці гадоў — з пачатку існавання арганізацыі.

Таксама вялікі дзякуй тым сябрам арганізацыі і зацікаўленым асобам, якія прысутнічалі на Агульным сходзе і сваімі галасамі паўдзельнічалі ў вызначэнні стратэгіі і тактыкі арганізацыі.

І, безумоўна, вялікая падзяка ўсім, хто падтрымлівае дзейнасць арганізацыі сваімі сяброўскімі ўнёскамі, прыходзіць на мерапрыемствы, не застаецца абыякавым.

Заставайцеся з намі! 2017 абяцае быць не менш цікавым!

Каментыраваць

Ваш адрэс электроннай пошты не будзе апублікован. Паля, абавязковыя для запаўнення, адзначаны зорачкай.

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.

  • Беларуская мова
  • Русский
  • Deutsch