Беларускае аб'яднанне ў Швейцарыі Rotating Header Image

Народны польскі музей у Рапэрсвілі

Недалёка ад Цюрыха знаходзіцца невялікі гарадок Рапэрсвіль (Rapperswil-Jona), які мае непасрэднае дачыненне да беларускай гісторыі. Гэтая гісторыя пачынаецца ў другой палове XIX стагоддзя, але да сённяшняга дня звязвае нашу Радзіму з гэтым цудоўным швейцарскім горадам, на развіццё якога значна паўплывалі падзеі, якія адбываліся ў той час на Беларусі.

Горад Рапэрсвіль пачаў развівацца на пачатку XIII стагоддзя вакол крапаснога вала замка, які стаяў у 40 км ад Цюрыха на беразе Цюрыхскага возера ў месцы яго звужэння. Гэтая асаблівасць дазволіла ўжо ў 1360 годзе пабудаваць мост, а затым і дамбу (якая існуе і па сённяшні дзень) на процілеглы бераг возера. Гэта прывяло да ўзнікнення гандлёвага шляху, і апроч таго шляхоў пілігрымаў да храма Марыі з манументальнай царквой, а таксама да кляштара Бенедыкцыйцаў, які быў пабудаваны ў гэтым месцы яшчэ ў X стагоддзі.

Першы замак Рапэрсвіль, які ўпершыню згадваецца ў крыніцах 1229 года, быў пабудаваны ў XIII стагоддзі, але амаль праз 100 гадоў быў разбураны. Сучасны замак быў пабудаваны ў XIV стагоддзі і па сваёй форме нагадвае шматлікія замкі сярэднявечча, у тым ліку і замкі, якія былі збудаваны ў гэты час на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага: ён пабудаваны з камня з дваром пасярэдзіне і вуглавымі вежамі, якія паміж сабой уверсе былі злучаны драўлянымі калідорамі.

Eliza Orzeszkowa

Эліза Ажэшка

Як пісала пра замак у час свайго знаходжання тут Эліза Ажэшка (нарадзілася 6 траўня 1841 года ў вёсцы Мілкаўшчызна каля Гародні, памёрла 18 мая 1910 года ў Гародні), аўтар «Людзі і кветкі над Нёманам» («Ludzie i kwiaty nad Niemnem»),

«…выключна арыгінальна і прыгожа выглядзяць гібкія плюшчы, якія паўсюль тонка і неверагоднымі зараслямі аплятаюць унутраны двор…»

Першапачаткова радавое гняздо рода фон Рапэрсвіляў (von Rapperswyl) — мястэчка Рапэрсвіль — было ва ўласнасці Габсбургераў і мела статут свабоднага горада з усімі гандлёвымі правамі. З 1464 года горад знаходзіцца ў складзе Швейцарскай Канфедэрацыі.

Чым жа цікава для нас гэтае мястэчка, што звязвае яго з нашай гісторыяй? Нашай увагі заслугоўвае ў першую чаргу замак Рапэрсвіль — менавіта тым, што ў ім з 1870 года месціцца Museum Narodowe Polskie, арганізатар якога — Уладзіслаў Броэль-Платэр. Мноства экспанатаў, што раней знаходзіліся і знаходзяцца ў музеі па сённяшні дзень, маюць непасрэднае дачыненне да беларускай (літоўскай) гісторыі і культуры.

Цяпер — усё па парадку. І, найперш, пра стваральніка музея — Уладзіслава Эварыста Броэль-Платэра (Władysław Ewaryst Broel-Plater).

Уладзіслаў Эварыст Броэль-Платэр

Уладзіслаў Эварыст Броэль-Платэр

Ён нарадзіўся 7 лістапада 1808 года ў Вільні (памёр 22 красавіка 1889 года ў Броэльберзе каля Цюрыху), паходзіў са знакамітага графскага дваранскага роду, які на пачатку XV стагоддзя перасяліўся са сваёй радзімы, Вестфаліі, што ў Нямеччыне, на Балцкія землі. Некаторыя прадстаўнікі роду Броэль-Платэр былі дастаткова вядомымі ў свой час. Напрыклад, на пачатку XV стагоддзя Альберт Броэль-Платэр быў комтурам (Komtur) Тэўтонскага ордэну ў Вендэне, а Фрыдрых — комтурам Тэўтонскага ордэну, Ліфляндскім маршалам і Амбасадарам да Папы Льва Х (1517 г.). У сярэдзіне XVII стагоддзя Броэль-Платэры перабраліся на землі Літвы і Жмудзі, дзе таксама пакінулі аб сабе некаторыя звесткі: напрыклад, Ян-Феафіл быў Амбасадарам Польшчы ў Вене напрыканцы XVII стагоддзя, Ян-Андрэй і два яго сыны Фабіан і Ян-Людвіг былі ваяводамі Інфляндцкімі, Канстанцін-Людвіг — ваяводай Мсціслаўскім і Амбасадарам у Расіі. Род Броэль-Платэраў унесены ў V частку метрыкулаў Віленскай, Ковенскай і Віцебскай губерняў.

«Ды чаму твар дзявочы ў байца? Два грудкі…
Хто ж мог знаць, што баёў завадатар
Быў… дзяўчынай! Была — сьлёз не трэба, жанкі, —
То ліцьвінка Эмілія Плятэр!»

«Lecz ten wódz, choć w żołnierskiej odzieży,
Jakie piękne dziewicze ma lica?
Jaką pierś? — Ach, to była dziewica,
To Litwinka, dziewica-bohater,
Wódz Powstańców — Emilija Plater!»

Бацька Ўладзіслава — Казімір Броэль-Платэр (1779—1819, Санкт-Пецярбург), сын старасты Субошчы (SuboczSubaĉus, Літва), уладальнік фальваркаў у Дусетасе (DusiatDusetos, Літва) і Холаце (Holot). Пасля прыходу войск Напалеона ў 1812 годзе яму было даручана сфарміраваць батальён пехацінцаў у палку Ёзефа Касакоўскага (Joseph Kossakowski). З некаторых крыніц стала вядома, што пазней ён атрымаў чын маёра і разам са сваім братам Адамам прымаў удзел у паходзе напалеонаўскіх войск на Маскву. Ёсть таксама сведкі, што пад яго кіраўніцтвам у 1812 годзе батальён прымаў удзел на баку Напалеона ў бітве каля Цімкавічаў (Cimkowicz — Цімкавічы, Беларусь, 25 км на паўднёвы ўсход ад Нясвіжа).

Пасля смерці бацькі Ўладзіслаў Броэль-Платэр сумесна са сваім малодшым братам Цэзарам атрымаў у спадчыну фальваркі ў Дусетасе і Холаце.

Уладзіслаў Броэль-Платэр, як сведчаць розныя крыніцы таго часу, быў «выдатным вучням» сярэдняй школы ў Вільні. Пасля заканчэння школы ў 1824 годзе ён вывучаўся ў Берлінскім універсітэце, потым ажыццявіў падарожжа праз Нямеччыну, Аўстрыю, Швейцарыю, Італію, Францыю, Ірландыю і Англію. Падчас гэтай вандроўкі ён пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам, з якім ён далей будзе кантактаваць у час свайго знаходжання за мяжой у эміграцыі. Да 1944 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Варшавы захоўваўся дзённік Уладзіслава, які ён вёў да 22 ліпеня 1830 года. На жаль, гэты дзённік да сённяшняга дня не захаваўся.

Калі 29 кастрычніка 1830 года ў Польшчы і Літве разгарэлася полымя паўстання, Уладзіслаў знаходзіўся ў Англіі. Пасля атрымання звестак аб паўстанні ён спешна накіраваўся ў Парыж, і амаль адразу — ў Польшчу.

Пасля прыбыцця ў Варшаву ён быў абраны членам Сойма ад Вілейкі, і ўжо як дэпутат падпісаўся пад законам аб зрушванні Мікалая I. Кароткі час ён працаваў у Міністэрстве замежных спраў, пасля чаго ў якасці ад’ютанта генерала Самуэля Юзэфа Рожыцкага (Samuel Rozycki) прыняў удзел у паходзе ў Літву, адкуль вярнуўся ўжо разам з генералам Генрыкам Дэмбінскім (Henryk Dembinski).

Па іншых сведках, пасля паходу ён служыў сельскім паштальёнам у Вілейцы.

Пасля падаўлення паўстання царскімі войскамі, Уладзіслаў Броэль-Платэр рушыў у Францыю, дзе ўжо знаходзілася шмат удзельнікаў падзей таго часу. У Парыжы ён стаў займацца патрыятычнай дзейнасцю і аказаннем дапамогі сваім суайчыннікам. Ужо ў 1831 годзе ён стварыў «Грамадства літоўскай мовы «Рутэнія». У 1832 годзе Ўладзіслаў здзейсніў паездку ў Англію, дзе ў Бірмінгеме, як Амбасадар польскай нацыі, быў падтрыманы «сотняй тысячаў подпісаў».

З 1833 па 1836 год Уладзіслаў выдаваў і рэдактаваў Le Polonais, journal des interets de l’Europe, а ў 1840—1848 гадах ён быў рэдактарам і выдаўцом Dziennika Narodowego.

Яго маёмасць у Дусетасе была канфіскавана, але ён і яго брат Цэзар атрымалі ад маці значную фінансавую подтрымку. Гэтая падтрымка зрабіла магчымым не толькі ахвяраванні для ажыццяўлення сумесных спраў у Францыі і Швейцарыі, але і дазволіла подтрымліваць адносіны з уплывовымі людзьмі пры ажыццяўленні «польскае справы». Напрыклад, дзякуючы Ўладзіславу, Кароль Ст. дэ Монталемберт (Karol Ct. de Montalembert) быў пазнаёмлены з Адамам Міцкевічам. Уладзіслаў шчодра ахвяраваў грошы на выданне «Успамінаў старога літоўскага шляхціча» Генры Ржэвускага (Henry Rzewuski), а таксама ўзнавіў і выдаў тэксты парыжскіх лекцый Адама Міцкевіча «Курс славянскай літаратуры» (Cours de literature slave).

З 1844 года пачалася швейцарская старонка жыцця Ўладзіслава Броэль-Платэра. Ён купіў дом каля Цюрыху і даў яму назву «Броельберг». Але ён не назаўсёды «асеў» у сваім доме, а ажыццяўляў актыўную дзейнасць па абароне інтарэсаў Польшчы і Літвы, у сувязі з чым шмат ездзіў па Еўропе, сустракаўся з прадстаўнікамі ўрадаў і парламентаў еўрапейскіх дзяржаў.

Студзеньскае паўстанне 1863 года прымусіла яго да больш актыўнай дзейнасці. У Цюрыху, як і ў Парыжы, ён заняўся актыўнай выдавецкай дзейнасцю і заснаваў штодзённую газету на нямецкай мове Der weisse Adler, што перакладаецца як «Белы арол». Ім таксама быў сфарміраваны «Швейцарскі польскі камітэт», дзейнасць якога падтрымлівалася ўладамі Швейцарыі. Галоўнай мэтай камітэта быў збор сродкаў амаль ва ўсіх швейцарскіх кантонах для набыцця зброі і накіравання яе паўстанцам. Дзейнасць гэтага камітэта была заўважана і ў Польшчы, Нацыянальны ўрад якой Дэкрэтам ад 30 сакавіка 1864 года прызначыў Уладзіслава Броэль-Платэра сваім прадстаўніком у Швейцарыі. Пасля паражэння паўстання ён працягнуў дзейнасць на польскім накірунку і заснаваў у Цюрыху Польскае агенцтва па падтрымцы палякаў, якія ўцякалі ад рускага царызму.

Але галоўнай справай Уладзіслава Броэль-Платэра, якая да гэтага часу мае вялікі сэнс і, у сваю чаргу, зрабіла яго вядомым не толькі ў Швейцарыі і Польшчы, але і ў іншых краінах, стала ўчыненне ў Рапэрсвілі Стэлы Свабоды і Народнага польскага музея ў замку Рапэрсвіль.

Стэла Свабоды ў Рапэрсвілі

Стэла Свабоды ў Рапэрсвілі

Стэла Свабоды была спраектавана прафесарам Федэральнай тэхнічнай вышэйшай школы Цюрыха Юліусам Штадлерам (Julius Stadler) і зроблена мясцовым скульптарам Луісам Ветлі (Louis Wethli). Спачатку, у 1870 годзе, яна стаяла каля возера, але пасля пашкоджання падчас шторму была перанесена ва ўнутраны двор замка, а яшчэ крыху пасля была размешчана побач з замкам.

Гравюра XIX стагоддзя на Стэле Свабоды ў Рапэрсвілі

Гравюра XIX стагоддзя на Стэле Свабоды ў Рапэрсвілі

На стэле адлюстраваныя гербы дзвюх «сясцёр-рэспублік» (польскі арол і літоўская пагоня) і надпіс «MAGNA RES LIBERTAS» («Свабода — вялікая справа»), а таксама наступны тэкст на нямецкай і польсках мовах:

«Дух Польшчы, не вынішчаны стогадовай крывавай барацьбой, пратэстуючы супраць прыгнятаючага яго гвалта, з вольнай зямлі Гельветаў заклікае да божай і чалавечай справядлівасці.»

«POLENS UNSTERBLICHER GENIUS NACH HUNDERTJÄHRIGEM KAMPFE MIT DER GEWALT NOCH UNBESIEGT RUFT AUF HELVETIENS FREIEM BODEN ZUR GÖTTLICHEN UND MENSCHLICHEN GERECHTIGKEIT»

«NIESPOŻYTY DUCH POLSKI STULETNIA KRWAWA WALKA PROTESTUJACY PRZECIW CIEMIEZACEJ GO PRZEMOCY Z WOLNEJ ZIEMI HELWETÓW PRZEMAWIA DO SPRAWIEDLIWOŚCI BOGA I ŚWIATA»

Уладзіславу ўдалося ў 1870 годзе падпісаць з муніцыпалітэтам горада Рапэрсвіля дагавор аб арэндзе замка на 99 гадоў з мэтай учынення ў ім Народнага польскага музея (Museum Narodowe Polskie). Народны музей, які ён святочна адкрыў у замку, быў прысвечаны гісторыі, культуры і мастацтву Польшчы і Літвы і стаў першым наогул польскім «нацыянальным» музеем. Уладзіслаў хацеў, каб музей стаў свайго роду цэнтрам, які б аб’ядноўваў вакол сябе прадстаўнікой польскай і літоўскай эміграцыі. Гэтая ідэя была з задавальненнем падтрымана самой эміграцыяй, якая або аказвала фінансавую дапамогу музею, або перадавала ў яго фонды розныя рэчы, звязаныя з гісторыяй Польшчы і Літвы, а таксама студэнцкага паўстання.

Замак Рапэрсвіль

Замак Рапэрсвіль

Пасля падпісання дамовы замак стаў не толькі месцам знаходжання польскага музея, але і першым прытулкам за мяжой для вялікай колькасці грамадзян Рэчы Паспалітай, якія былі вымушаны пакінуць свае родныя мясціны пасля паўстання. Як пісала ў той час у сваіх успамінах з Нясвіжу Марыя Даратэя княгіня Радзівіл (у дзявоцтве — маркіза дэ Кастэлян), жонка Антонія Вільгельма Радзівіла,

«…тагачасная Літва была ўся разбурана падчас апошняга паўстання і поўная смутку. Пакута пасялілася ва ўсіх сэрцах. У кожнай сям’і хтосьці быў сасланы ў Сібір, паўсюль гучалі галашэння, плач і малення, у кожнай хаце быў слышны крык гора. Паўсюль сэрца запаланяла журба… І, зразумела, я зведала вялізарны жаль да ўсяго, што трапіла пад гэты страшны ўдар лёсу!»

Далёкая Швейцарыя стала месцам падтрымкі польскага і літоўскага патрыятызму ў адным з самых цяжкіх перыядаў нашай гісторыі, куды пасля няўдалага студэнцкага паўстання 1863 года накіраваліся, ўцякаючыя ад жорсткіх рэпрэсій, патрыёты Польшчы і Літвы. Уладзіславу Броэль-Платэру ўдалося прыцягнуць шмат швейцарцаў да аказання падтрымкі польскаму пытанню: яны пісалі шматлікія петыцыі наконт вызвалення палітычных вязняў, выдавалі артыкулы па польскай тэме, чынілі фінансавую дапамогу польскім студэнтам за мяжой і г. д.

Можна з упэўненасцю казаць, что не было ніводнага больш ці менш значнага эмігранта, які б не пабываў у гасцях у Платэра. З другога боку, аб’ём падарункаў (дакументаў, карцін, кніг, а таксама розных іншых рэчаў) быў такі велізарны, што для іх размяшчэння патрэбна было б заняць амаль увесь замак.

Адам Міцкевіч

Бюст Адама Міцкевіча, бронза

Медальён з валасамі Тадэвуша Касцюшкі

Медальён з валасамі Тадэвуша Касцюшкі

Гусарскі шлем

Гусарскі шлем, канец XVII — пачатак XIX ст.

Альфрэд Веруш-Кавальскі, "Паляванне на ваўкоў"

А. Веруш-Кавальскі, «Паляванне на ваўкоў»

Ёзэф Чэлмонскі, "Ад'езд"

Ё. Чэлмонскі, «Ад’езд»

Манета з Уладзіславам Ягайлай, каралём Польшчы (1380–1434)

Манета з Уладзіславам Ягайлай

Горад і замак Рапэрсвіль да адраджэння Польшчы 1918 года з’яўляліся цэнтрам польскіх і літоўскіх надзей, сустрэч, ідэй і падзей. З 1895 года ў адной з вежаў замка быў утвораны маўзалей, дзе ў вурне захоўвалася сэрца памерлага ў швейцарскім Залатурне Тадэвуша Касцюшкі. Апроч таго, у замку знаходзіўся асобны пакой імя Тадэвуша Касцюшкі, у якім налічвалася 243 арыгінальныя дакументы ХVІ–ХІХ стагоддзяў (прысвечаныя прадстаўнікам яго сям’і), якія трапілі ў музей галоўным чынам з Беларусі.

У Народным музеі ў Рапэрсвілі ў юбілейны 1894 год — перыяд шырокага святкавання сотых угодкаў Касцюшкаўскага паўстання — выйшла першае выданне фундаментальнай, амаль 700-старонкавай біяграфіі Тадэвуша Касцюшкі, падпісаная толькі адной літарай «К». За гэтым ініцыялам, як піша беларускі гісторык Анатоль Бензярук, хаваўся вядомы польскі гісторык, ураджэнец Мінска Тадэвуш Сыльвестр Корзан (1839—1918), які на падставе сямейных папер рода Тадэвуша Касцюшкі выдаў яго генеалагічнае дрэва Rodowód Kościuszków Siechnowickich przez akta sprawdzony i uzupelniony.

(Андрэй Кулажанка,
былы Часовы павераны ў справах
Рэспублікі Беларусь у Швейцарыі)

(Фота: Вікіпедыя; Roland zh, CC BY-SA 3.0)

Каментыраваць

Ваш адрэс электроннай пошты не будзе апублікован. Паля, абавязковыя для запаўнення, адзначаны зорачкай.

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.

  • Беларуская мова
  • Русский
  • Deutsch